Анекдоты.

  

      Студэнт свайму сябру:

      - Калі-небудзь людзі, паглядзеўшы на будынак нашага інстытута, будуць казаць, што вось менавіта тут вучыўся той знакаміты Пахвалькоў.

      Голас з дэканата:

       -  А калі не здасце залік па беларускай мове, то так будуць казаць ужо на наступным тыдні.

 

 

      На экзамене па эканоміцы сімпатычная студэнтка расказвае пра Адама Сміта, ні разу не ўзгадаўшы яго імя. Уважліва выслухаўшы яе, выкладчык пытаецца:

  -  Дык якім жа было імя Сміта?

      Студэнтка збянтэжана маўчыць.

  -  Ну не хвалюйцеся. Уcпомніце, як звалі першага мужчыну, -   падказвае выкладчык.

  -  Валера! - ціха кажа дзяўчына, пачырванеўшы.

 

 

       Семінарскія заняткі па вышэйшай матэматыцы, бліжэй да канца семестра. Вядзе маладая прыгожая выкладчыца. Голас з залы:

   -  А дзе мы з вамі можам сустрэцца пасля экзамена?

    Адказ:

  -  На пераздачы!

 

     Студэнт, з "крутых", здае экзамен. Кладзе ў сшытак 500 баксаў і піша: "Па 100 долараў за кожны бал". Пасля экзамена адкрывае сшытак і бачыць там 300 долараў і подпіс: "Рэшта".

   

  

  На экзамене студэнт узяў білет і адразу ж паклаў яго назад з перакошаным ад жаху тварам. Прафесар кажа:

-   Чаму Вы паклалі білет назад?

- Прафесар, гэта быў білет №13, а я веру ў прыкметы.

-  Усё гэта прымхі! – адказаў прафесар і стаў шукаць 13-ы білет, а знайшоўшы, даў яго

пакутніку. Студэнт адказаў білет на пяцёрку і выйшаў, задаволены вынікам. У калідоры яго абступілі аднагрупнікі:

- Ты што, усё вывучыў?

-   Ды не! Я вывучыў толькі 13-ы білет!

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

  • Рэальныя гісторыі падчас залікаў і экзаменаў па беларускай мове ў Інстытуце кіравання і прадпрымальніцтва.
  
   На экзамен прыходзіць студэнт-завочнік, які напярэдадні вельмі добра пагуляў. Аўдыторыя ў момант напоўнілася водарам перагару. У білеце аказалася пытанне "Лексіка. Лексічнае значэнне слова". Трэба адзначыць, што студэнт быў не самы горшы, таму я, спачуваючы пакутніку, незаўважна прыкрыўся экзаменацыйнай ведамасцю, каб нейкім чынам мець магчымасць хапаць больш-менш чыстае паветра. І вось студэнт пачынае свой адказ на пытанне:
  - Лексіка - гэта ўсе словы беларускай мовы. Лексічнае значэнне слова - гэта яго сувязь з навакольным светам...
    І цішыня. Паколькі пачатак не самы горшы, то я пачынаю даваць наводкі на правільны накірунак:
  - А якія бываюць значэнні слова?
   Маўчанне мне было адказам. Я не здаюся:
  - Ну, вось чулі пра прамое, пераноснае значэнне?
  Хлопец ажывіўся:
  -Так, вядома ж! Прамое - гэта калі значыць прама, пераноснае - калі пераносіцца.
   З такога адказу вельмі цяжка зразумець, што ведае студэнт, таму кажу:
  - Давайце на прыкладзе.Вось прывядзіце прыклады ўжывання слова ў прамым і пераносным значэнні.
  Змаршчыніўся лоб ад напружання мысліцельнага працэсу. Па твары відаць было, з якой цяжкасцю ўспамінаюцца беларускія словы. І вось нарэшце - эўрыка! У вачах радасць і ўпэўненасць у сваіх ведах, а з вуснаў вылятае:
  - Напрыклад, слова КРЫЖАЧОК! Прамое значэнне - гэта такі танец, а пераноснае - гэта такі напой!
   Адчувалася, што першае беларускае слова, якое прыйшло ў галаву, гэта тое, якое напярэдадні было апошнім ў чарзе напояў, таму так добра запомнілася.

 

  Не перастаю дзівіцца з найбагацейшай фантазіі студэнтаў пры скланенні колькасных лічэбнікаў. Сустракаюцца наступныя варыянты напісанняў:

50 (пяцьдзясят - па новых нормах менавіта так) - педесят, пяйсят, пятьцедят, петдесят, пяттдесят

60 (шэсцьдзясят) – шэйдзесят, шэдзесят, шаздзесят, шэздзесят, шэстдзесят, шэсцдзесят, шэсцясят, шэйсят, шасдзясят

600 (шэсцьсот) – шэстсот, шэйсот, шасот, шассот.

70 (семдзесят) – семсят, семьдзісят.

  У родным склоне бывае такое:

2 (двух, дзвюх) - дзювух

70 (сямідзесяці) - сямідзіці

800 (васьмісот) - восімсацці

  Плённую глебу для варыянтаў напісання лічэбнікаў дае творны склон:

2 (двума) - дзвума, дзвумя, дзьвумя, дзьвумі, двымо!!

3 (трыма) - трымя, трумя, трума, трюмя, трумамі, трумямі!!!

50 (пяццюдзесяццю) -  пяцідзесяццюмя

52 (пяццюдзесяццю дзвюма) - пятистадвумя

60 (шасцюдзесяццю) - шасцідзесяцемі

800 (васьмюстамі) - васемсаццю

 

   На занятках разбіраем, як вызначаецца род нескланяльных назоўнікаў. Задаю пытанне:

 - Да якога роду адносіцца назоўнік ДЭНДЗІ ?

    Варыянты адказаў розныя: жаночы, мужчынскі. Пытаюся:

 - А што азначае гэты назоўнік?

   І зноў варыянты: гульнёвая прыстаўка "Дэндзі", яшчэ ёсць стаматалогія "Дэндзі", фільм "Кракадзіл Дандзі". Здзіўлены адсутнасцю відавочнай спасылкі на вядомыя радкі з пушкінскага твора, кажу:

 - Падыміце, калі ласка, рукі, толькі чэсна, тыя, хто чытаў "Анегіна" (натуральна, што я назваў твор няпоўнай формай "Яўгеній Анегін", бо хто ж не ведае гэтага рамана!).

   Ніводнай рукі!

 - А вось каб вы чыталі "Анегіна", - працягваю павучальным тонам, - то адразу б успомнілі радкі "...как денди лондонский одет..." А так адразу відаць, што Пушкіна вы не чыталі.

    Незадаволены голас з апошняй парты выдае:

  -Дык Пушкіна ці Анегіна?

   Сапраўды, спачатку трэба выкладчыку самаму вызначыцца, чаго ён хоча дабіцца ад няшчасных студэнтаў.

    Ідзе залік па беларускай мове. Выходзіць адказваць студэнтка. Лісток адказа такі ж чысты, як і яе чыстыя прыгожыя вочкі. Ведаў абсалютны нуль. Паколькі я ўсіх студэнтаў на занятках папярэджваў, што дату выдання Францыскам Скарынай першай друкаванай кнігі павінен ведаць кожны, да таго ж усе ў канспекце запісалі яе - 6 жніўня 1517 года, то хоць гэта спадзяюся пачуць з вуснаў маўклівай прыгажосці. Дзяўчына напружвае памяць - і першы стрэл:

 - 17 верасня!

   Я паранены. Але спадзяванне, што лічба 17 можа паўтарыцца ў вызначэнні года, дае мне сілы трымацца, таму я выразна гляджу на студэнтку ў чаканні працягу адказу. Яна здагадалася, што я хачу пачуць нешта яшчэ, і другі стрэл прагучаў так:

 - Нуууу... недзе там, у адзінаццатым стагоддзі!

   Гэта мяне дабіла, вочы мае пачалі вылазіць з арбіт ад здзіўлення, і тут прагучаў кантрольны стрэл:

 - Да нашай эры!

 

    Ідуць заняткі ў завочнікаў. Чытаем  сказы ў практыкаванні. Нічога незвычайнага, самыя  нейтральныя па змесце фразы. І вось адной студэнтцы трапляецца сказ: Вакол крынічкі стаялі чатыры прыгожыя дубкі. Што тут можа быць неверагоднага?! Але яна прачытала слова  дубкі з націскам на першым складзе – дУбкі. Скрозь слёзы ад смеху я толькі і змог сказаць: “Дзякуй Богу, што Вас не чуюць палякі!”

*Для тых, хто ў танку і не зразумеў хохмы, тлумачу: па-польску "дупа" - гэта частка цела паміж нагамі і спінай, так сказаць, філейная частка

Сделать бесплатный сайт с uCoz